Ротару :В 70 лет выгляжу на 45 благодаря простой методике...
Почему все аптеки молчат? Грибок ногтя боится как огня дешевого...
Алкоголику вместо кодирования подсыпьте незаметно 3-4 капли обычной…
Соломія Вітвіцька: живіт втягнувся за добу, вийшло 22 кг жиру! Їла це ...
Заросли папиллом на шее и в подмышках - признак наличия у вас...

Чым лячыць варыкоз левай нагі

Мінскае абласное аддзяленне ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі"

А. Аляшкевіч. Маці

Поделиться "А. Аляшкевіч. Маці"

МАЦІ

Бяда ў дом Надзеі Міхайлаўны прыйшла пад канец восені, калі дрэвы ўжо стаялі аголеныя, а ночы зрабіліся доўгімі і прахалоднымі. Быў пахмурны, з нізкім выцвілым шэрым небам і знобкім паўночным ветрам дзень.Міхайлаўна ў абед, як звычайна, завіхалася на калгаснай ферме. Адносячы цёплы сырадой у невялічкіх бідонах у зборны цэх, яна час ад часу кідала неспакойны позірк праз вузкае сценнае акенца на ўтаптаную сцяжыну, што вужакай вілася з пагорка, дзе стаяла ферма, да ўскраіны вёскі. Час ужо перапаўзаў за поўдзень, але ейнага сямігадовага Петруська са школы штосьці не было відаць…

Хлопчык заўсёды пасля заняткаў зазіраў да яе на ферму; спацелы адхуткай хады, з ускудлачанымі русымі валасамі і прыгожай чырванню на кругленькіх шчочках, ён прагна піў з вялікага кубка сырадой ,які белапенным воблакам ахінаў пульхныя дзіцячыя губы. Міхайлаўна замілавана глядзела на сваю крывінку.

Потым, пасля дойкі, яны разам ішлі дахаты праз прыбалотны поплаў, з якім межавала высокая асока і сакавітая трава.

Але сёння Петрусёк чамусьці затрымліваўся. Міхайлаўна адвяла позірк ад недалёкай, сцішанай пад высокімі голымі бярозамі вёскі і выпрастала ацёклую спіну. І раптам убачыла побач мажную постаць загадчыцы фермы. Твар невысокай пажылой жанчыны быў нейкі шэры, у ейных раскосых вачах свяціліся спачуванне і жаль.

–Надзейка, паслухай, што табе мушу сказаць, – нервова прашаптала яна. — Ты толькі моцна не хвалюйся. На гурт дзяцей, што ішлі са школы, наехаў п”яны вадзіцель. Сярод дзяцей быў і твой хлопчык…

Ад пачутага ў Міхайлаўны запякло ў сэрцы, вочы затуманіліся; галава, рукі сталі цяжкія, яна асела на металічнае вечка бідона.

-Ты толькі не хвалюйся так, – даляталі, нібы з-за якой сцяны, да яе трывожныя словы жанчыны.–Усе дзеці жывыя, але ёсць пераломы… Іх адвезлі ў горад у бальніцу. Ты бяры нашу машыну, едзь да свайго хлопчыка. Яна там, на двары.

Устрапянуўшыся, Міхайлаўна прымусіла сябе ўзняцца з бідона. Сапраўды, што гэта яна села: яна ж так патрэбна зараз сыну… Праз гадзіну яна ўжо была ў раённай бальніцы. Петрусёк ляжаў у вялікай белай палаце разам з іншымі вясковымі хлопчыкамі, якіх падбіла машына – надзвычай белы, аніводнай крывінкі на ўсім дробным спужаным твары. Дзве ягоныя нагі былі ўзятыя ў тоўсты гіпс. Убачыўшы маці, ён паспрабаваў павярнуцца і ўсміхнуцца ёй, але не змог – персмыкнуўся ад моцнага болю, які працяў яго хударлявае цела. Міхайлаўна ледзь стрымала слёзы ад жалю, што агарнуў ейнае мацярынскае сэрца.

–Ты ляжы, сынок, не варушыся, – прысеўшы побач з сынам на край ложка, пяшчотна дакранулася яна дрыготкімі пальцамі да гарачага дзіцячага ілба.

У бальніцы яна прабыла да вечара, перагаварыла з урачамі, схадзіла ў магазін, купіла сыну свежай садавіны, прымусіла яго крыху перакусіць, і толькі тады заспяшалася на аўтобус.

Волю сваім гаротным пачуццям яна дала, калі ўжо вярнулася дамоў — праплакала на халодным ложку амаль усю ночку. Гадавала сына Міхайлаўна адна. Муж Міхась, добры і спагадлівы чалавек, чатыры гады таму раптоўна памёр ад сардэчнай хваробы. Таму ўсе думкі і намеры Міхайлаўны былі скіраваны на малалетняга сына – каб той ні ў чым не меў нястачы; заўжды быў у цяпле і накормлены, хадзіў у добрым адзенні і абутку. Для гэтага і працавала яна з раніцы да поздняга вечара на ферме, ды яшчэ трымала сваю вялікую гаспадарку: карову, парасят, куры… І вось не зберагла свайго светлалобіка ад бяды.

Раніцой Міхайлаўна, дагледзеўшы ўласную гаспадарку, заспяшалася на ферму, апоўдні ж зноў паехала ў бальніцу…

Яна наведвала сына амаль кожны дзень.

Праз тры месяцы Петруську знялі з ног гіпс. З надзеяй, што яе крывінку нарэшце выпішуць і дазволяць забраць дамоў, Міхайлаўна пайшда да ўрача, які лячыў сына. Той быў у прасторным кабінеце з трыма сваімі калегамі, якія па чарзе разглядалі ля акна невялічкі шэры рэнтгенаўскі здымак і нездаволена круцілі галовамі.

–А вось і маці нашага пацыента,– прыкмеціўшы Міхайлаўну, сумна сказаў калегам лечачы ўрач і паправіў на сваім маладым доўгім твары акуляры. – Вы, відаць, наконт выпіскі вашага сына.

Міхайлаўна ледзь бачна кіўнула галавой. Ад прысутнасці ў кабінеце столькіх задуменных урачоў у ейным сэрцы зварухнулася трывога. Няўжо што нядобрае з Петруськом? Што за здымак урачы так незадаволена разглядалі?

-З выпіскай вашага хлопца, на жаль, пакуль давядзецца пачакаць,- раптам суха прамовіў стары сівы ўрач, які, відаць, быў галоўным сярод сваіх калег.

— Як гэта не цяжка, але мушу сказаць вам, як маці, праўду,- узняў ён на Міхайлаўну свае маленькія сумныя вочы, у якіх выступала спачуванне. -У выніку моцнага ўдару пры аварыі ў вашага сына здарылася вельмі рэдкая костная траўма рукі, якая перайшла ў гангрэну… На жаль, гэтая хвароба пакуль невылечная . І ва ўсім свеце толькі ў Амерыцы, ды яшчэ ў Маскве прафесар Ліманаў, робяць па ёй першыя доследы. Таму прыйдзецца адняць паражоны ўчастак,– змоўк урач.

–Майму хлопчыку што, адымуць руку? – ад нечаканасці Міхайлаўна вырачыла вочы, няўцямна зірнулага на сівога ўрача.

–Так, тыдні праз тры вашаму сыну трэба будзе рабіць аперацыю, – ціха ўдакладніў той.

Міхайлаўна нават не памятала як на здранцвелых нагах пакінула бальніцу, даехала дамоў. Прыгнечаная, апусцілася ў хаце на табурэт. Яна доўга пазірала патухлымі вачыма праз акно на двор, па якім некалі бегаў ейны вясёлы і неўгамонны Петрусёк, потым адвяла позірк ад недалёкай, сцішанай на гародзе разгалістай ліпы, зірнула ў адчаі на вячэрнее цярушліва-хмарнае неба, каб туды адпусціць свой нясцерпны мацярынскі боль, але супакою не атрымлівала. Цяжка ўзняўшыся з табурэта, яна выйшла на двор. Калі ў прыцемках лягла ў ложак і засяродзілася сама на сабе, зноў наплылі горкія думкі. Сыну адымуць руку? І ейная крывінка назаўсёды застанецца калекай, як жа гэта, га.

Страшныя думкі даймалі яе амаль усю ночку, і толькі пад раніцу, калі акраец неба ў вакне пачаў налівацца перадсвітальным марывам, Міхайлаўна раптам страпянулася. Чакай, чаго ж гэта яна так раскісла? Трэба ж ратаваць сваю крывінку… Стары ўрач у бальніцы, здаецца ж, казаў, што ў Маскве хваробу сына ўжо спрабуе лячыць нейкі прафесар Ліманаў…

“Трэба неадкладна ехаць у Маскву! – агарнула Міхайлаўну выратавальная думка. – Знайсці гэтага прафесара…”

Падхапіўшыся з ложка, яна ступіла да старой шафы, дрыжачымі рукамі выцягнула з-пад коўдры на паліцы грошы, што прыхоўвала на чорны дзень, і таропка пералічыла іх. Вядома ж, гэтых капейчын для паездкі ў Маскву было мала. Але ёсць жа у хляве яшчэ карова, трое гадавалых парсюкоў, якіх можна здаць у калгас. Ды яшчэ можна пазычыць у суседзяў – свет жа не без добрых людзей. Апрануўшыся, Міхайлаўна выйшла на вуліцу, таропка пашыбавала па поплаве да суседняй вёскі ў праўленне калгаса…

…Цягнік прыйшоў у Маскву на досвітку. Пакінуушы цеснаваты, але ўтульны вагон, Міхайлаўна апынулася ў шматгалосным вірлівым натоўпе, і адразу разгубілася, адчуўшы сябе сярод безупыннага людскога струменя, што плыў па доўгаму шэраму перону, нібыта ў нейкім мурашніку. Натоўп зацягнуў яе спачатку ў нейкі шырокі прыцемнены падземны пераход, потым выкінуў на вялікую прывакзальную плошчу, рассыпаўшыся на ёй на жвавыя ручаі. Адзін з гэтых ручаёў і вынес Міхайлаўну да аўтобуснага прыпынку. Масква ўжо была пазбаўлена снега; надышоўшая вясна нагадвала пра сябе падсохлымі асфальтавымі тратуарамі і свежым нехалодным ветрам. Міхайлаўна доўга распытвала, як ёй праехаць да патрэбнага медыцынскага інстытута, але прахожыя раўнадушна паціскалі плячамі, іншыя з іх наогул не звярталі ўвагі на прыезджую вясковую жанчыну, і толькі адна дзяўчына ў доўгім чырвоным паліто, прыпынілася і паказала рукой на прыпынак, што быў на процілеглым баку вуліцы…

А дзевятай гадзіне – з дзвумя перасадкамі – Міхайлаўна нарэшце дабралася да інстытута. Шматпавярховы, шырачэзны, з вялікімі прамавугольнымі вокнамі, ён стаяў на рагу дзвюх шумных вуліц, бы той велічны статуй. Яна не адразу адшукала сярод мноства празрыстых шкляных дзвярэй патрэбны ўваход. Але імя прафесара, якое яна назвала пажылому падцягнатаму вахцёру, падзейнічала на таго магічна, і мужчына паказаў на доўгі шырокі бакавы калідор…

Прафесар Ліманаў прыняў яе па запісе толькі пасля абеду. Высокі, хударлявы, з маленькімі і чорнымі, як смала, вусікамі, у караткаватым белым халаце, ён доўга свідраваў глыбока пасаджанымі вачыма здымак, які прывезла Міхайлаўна, нарэшце, зморшчыўшыся, перавёў на вясковую жанчыну свой задуменны позірк.

–Дарэмна вы, шаноўная, прыехалі ў такую далеч,– сумна сказаў ён. – Наш інстытут не робіць пацыентам падобныя аперацыі. Пакуль па гэтай хваробе мы ставім доследы толькі на жывёлах, і не вельмі ўдалыя…

Ён хвіліну памаўчаў, задумліва разглядаючы здымак, пасля скрушліва дадаў:

–Таму, на жаль, нічым не магу дапамагчы вашаму сыну. Дарэмна вы ехалі…

Прыкусіўшы да болю і крыві ніжнюю губу, Міхайлаўна ацяжэлымі нагамі пакінула інстытут. Яна доўга ў скрусе ішла па вуліцам, размаўляючы сама з сабой. На вакзал прыехала ўжо ў прыцемках. Доўга выглядала ў раскладзе зваротны цягнік на Мінск. Той ішоў толькі раніцай. Яна апусцілася ў шумнай зале чакання на пластмасавую лаўку і адразу, знясіленая, правалілася ў нейкі неспакойны трывожны сон…

На досвітку, падхапіўшыся, рушыла на перон да цягніка і раптам, павярнуўшыся, пайшла да аўтобуснага прыпынку. Не , не для гэтага яна ехала ў такую далеч, каб вярнуцца дамоў да сваёй гаротнай крывінкі з нічым. Не для гэтага…

Даехаўшы да інстытута, Міхайлаўна цярпліва стаяла на ягоным пляцы перад уваходнымі дзвярыма, абмацваючы вачыма людскі натоўп, які спяшаўся ў будынак, пакуль нарэшце не прыкмеціла ў ім знаёмую хударлявую фігуру прафесара, і тут жа апусцілася перад ім на калені…

Устала яна з прахалоднага каменя толькі ўвечары, калі гучны людскі струмень, раўнадушна абцякаючы яе, прасунуўся міма… Назаўтра, неяк агораўшы ночку на цвёрдай вакзальнай лаўцы, яна зноў прыехала да інстытута…

Прафесар Ліманаў пасля завяршэння аперацыі ў аддзяленні хірургіі падняўся на ліфце ў свой кабінет, спаласнуў рукі і спацелы лоб, выцерся мягкім ручніком, з палёгкай уздыхнуў, узняў вочы на медсястру, што сядзела за сталом і штосьці пісала ў тоўсты сшытак.

–Стаіць тая беларуская жанчына? – ціха пацікавіўся ён.

Мажная маладая жанчына адарвала вочы ад паперы, па ейным круглым ружовым твары прабёг цень спачування і жалю.

–Стаіць, Аляксандр Мікалаевіч! Ужо сёмы дзень,– з раніцы да поздняга вечара. І адкуль толькі ў яе бяруцца сілы? Ці гэта мацярынскае сэрца іх так надае?

Прафесар Ліманаў павесіў рушнік, ступіў да акна, адсунуў рукой рог фіранкі, зірнуў на вуліцу. Жанчына сіратліва стаяла на каленях пасярод шэрага інстытуцкага пляца. Позірк ейных стомленых вачэй быў скіраваны ў бок ягонана кабінета. Парывісты вецер кудлаціў на галаве доўгія русыя валасы, што выглядалі з-пад лёгкай цёмнай хустачкі…

–Ідзіце, прывядзіце гэтую жанчыну сюды,– задумліва сказаў прафесар.–Толькі адагрэйце яе спачатку кавай…

–Вы вырашылі ўзяцца за аперацыю? – спытала медсястра. – Але ж яна вельмі складаная, і ў гэтай вясковай жанчыны не будзе чым заплаціць…

–Аформім за кошт інстытута, як першы добраахвотны эксперымент на чалавеку. Руку яе малому сыну мы ж у любы час паспеем адняць. А раптам што і атрымаецца? Завіце жанчыну. Няхай едзе, вязе свайго хлопца…

Калі праз прыадчыненае акенца пачуўся гук матора, Міхайлаўна, пакінуўшы завіхацца ля печы з чыгунамі, у якіх гатавала вячэру, з затоенным дыханнем выбегла на двор. Каля веснічак стаяла вялікая чорная сынава машына. З яе вылез Пятрусь – высокі, статны, з мужным загарэлым тварам, у прыгожым цёмным касцюме.

–Ну, прывітанне, маманя. Як ты тут пажываеш?

–Ды так нічога, у мяне усё добра, сынок, – радасна прамовіла Міхайлаўна і пяшчотна дакранулася да сынавай левай рукі. — А як у цябе справы – рука не баліць?

–Ды што ты, маманя, усё прыстаеш з гэтай рукой, – злёгку абурыўся сын.–Ты ж бачыш, які я здаровы. Хоць зараз у воз запрагай! – пайграў ён пругкімі мускуламі.

–Ну і дзякуй Богу, сынок, – з палёгкай уздыхнула Міхайлаўна.

Пасля таго, як Петрусю зрабілі ў Маскве ўдалую аперацыю, яна яшчэ цэлыя чатыры гады вазіла хлопца туды на нагляд за прыжыўленай донарскай косткай. Потым сын падрос, паступіў у сельскагаспадарчы тэхнікум, але пасля яго заканчэння пайшоў у гандаль – адкрыў у Мінску на кірмашы некалькі кропак. І цяпер у сына ўсё слаўна: уласны катэдж пад Мінскам, замежная машына, маладая прыгожая жонка… Праўда, бацькоўскую хату Пятрусь наведваў не часта, але Міхайлаўна не крыўдавала на яго. У сына ж столькі клопатаў на гэтым кірмашы – з раніцы і да позняга вечара кожны Божы дзень на ім! Таму была вельмі радая кожнаму ягонаму прыезду…

Прайшоўшы з сынам у хату, яна хуценька накрыла на стол. Счакала, пакуль сын уволю пачастуецца хатняй ежай, спыталася з надзеяй у голасе:

–Ты мо пераначуеш, сынок? На дварэ ж ужо шарэе…

–Не, я ненадоўга, маманя. І са справай да цябе,– выцер аб працягнуты маці ручнік Пятрусь рукі і, устаўшы з табурэта, палез у чорную скураную барсетку, якую прывёз з сабой, выцягнуў адтуль нейкую паперу, паклаў яе на чысты ўскраек стала.

–Хопіць табе, маманя, тут ужо адной гараваць, – вымавіў ён. – Дом прададзім. Мне якраз грошы патрэбны. Хачу новы шапік на кірмашы паставіць. Я ўжо і пакупніка на дом знайшоў. Падпішы вось гэтую паперу,– выцягнуў сын з кішэні пінжака залацістую ручку.

–Як скажаш, сынок, – схіліўшыся над аркушам, паставіла ў падказаным месцы Міхайлаўна сваю нязграбную закавыку.

Разагнула паволі старую спіну, запыталася:

–А я куды, сынок, да цябе ў Мінск?

– Ды не, маманя,– хутка адказаў Пятрусь, падхапіўшы са стала паперу. – Ты ж ведаеш, мы ж з жонкай усе дні на рабоце. А за табой нагляд патрэбен. Я дамовіўся ў райвыканкаме, каб табе выдзелілі месца ў інтэрнаце пад Мінскам. Там добра кормяць, даглядаюць, урачы заўсёды на месцы… На днях заеду за табой, адвязу. Ну ўсё, мне ўжо трэба ехаць. Тавар новы прывязуць вечарам, – зашпіліў сын сваю скураную барсетку.

Міхайлаўна пайшла следам за сынам на двор, праводзіць яго.

–Ты толькі хутка не гані машыну, – папрасіла яна, калі Пятрусь усеўся за руль.

Счакала, пакуль сынава машына схаваецца за паваротам, вярнулася ў хату, акінуўшы яе, бы тую сіраціну, жалобным позіркам, скрушна глянула ў акно на хмарнае неба, што пачынала ўжо налівацца чарнатой на ўсходзе. Яе агортвалі самотныя думкі. Не, не прыме яна прапанову сына – не паедзе ў гэты інтэрнат для старых. Навошта жыць сярод незнаёмых чужых людзей без усялякай справы? Няхай сын, калі яму так патрэбны грошы, прадае дом. А яна знойдзе дзе-небудзь сабе прытулак… Вось толькі шкада было развітвацца з тым кутком, дзе прайшло ўсё яе гаротнае жыццё. Міхайлаўна, азірнуўшыся на пакой, ражком белай хустачкі выцерла на вачах слёзы. І, узняўшыся з табурэта, прыбрала посуд са стала ўжо не свайго, а чужога дома…

Раніцай, перахрысціўшы асірацелую хату, яна з невялічкім клункам за спінай пакінула назаўсёды родны падворак…

Больш у вёсцы пра Міхайлаўну нічога не чулі, толькі аднойчы сярод вяскоўцаў прайшла чутка, што падобную на яе жанчыну нібыта бачылі ў адным далёкім жаночым манастыры. Стоячы на каленях перад абразком Маці Боскай, сівая манашка з раніцы і да вечара бесперапынна малілася – прасіла ў нябеснай заступніцы здароўя і дабрабыту для свайго заблукалага дзесьці ў свеце сына…

Ротару :В 70 лет выгляжу на 45 благодаря простой методике...
Почему все аптеки молчат? Грибок ногтя боится как огня дешевого...
Алкоголику вместо кодирования подсыпьте незаметно 3-4 капли обычной…
Соломія Вітвіцька: живіт втягнувся за добу, вийшло 22 кг жиру! Їла це ...
Заросли папиллом на шее и в подмышках - признак наличия у вас...