Ротару :В 70 лет выгляжу на 45 благодаря простой методике...
Почему все аптеки молчат? Грибок ногтя боится как огня дешевого...
Алкоголику вместо кодирования подсыпьте незаметно 3-4 капли обычной…
Соломія Вітвіцька: живіт втягнувся за добу, вийшло 22 кг жиру! Їла це ...
Заросли папиллом на шее и в подмышках - признак наличия у вас...

Дзе лепш лечаць варыкоз на нагах

«Балюча глядзець, колькі стала касалапых дзяўчат!»

Капілярныя «сетачкі», сасудзістыя «павучкі» ці «зорачкі» на нагах, перыядычныя ацёкі — па сусветнай статыстыцы бліжэй да 40 гадоў з такімі «сюрпрызамі» сутыкаюцца амаль 70 працэнтаў насельніцтва. Нядзіўна, што варыкоз, ці пашырэнне вен ног, нават называюць эпідэміяй.

Чаму ўсё больш людзей ім хварэюць, чым небяспечныя абцасы і абутак на плоскай падэшве, і якімі міфамі пра варыкоз забітая наша галава — пра гэта наша гутарка з флеболагам медыцынскага цэнтра «ЛОДЭ» Сяргеям Перапяліцай, які займаецца аперацыямі на венах больш 35 гадоў.

Флеболаг Сяргей Перапяліца

«Наша Ніва»: Сяргей Іванавіч, некаторыя людзі заўважаюць у сябе праблемы з нагамі, але не лічаць гэта падставай для таго, каб наведаць доктара. Калі ногі выглядаюць непрыгожа — апранаюць доўгую спадніцу ці нагавіцы і працягваюць цярпець перыядычны боль далей. У які момант трэба з гэтым заканчваць і ў абавязковым парадку ісці да спецыялістаў?

Сяргей Перапяліца: Адразу, як толькі заўважылі візуальнае пашырэнне вен, ці тое, што ногі пад канец дня пачалі ацякаць, а па начах непакояць сутаргі. Трэба брацца за лячэнне варыкозу на ранніх стадыях, бо калі гэта выльецца ў самае цяжкае ўскладненне — язву ці злаякасную пухліну, дапамагчы пацыенту будзе вельмі складана, дорага і балюча. Прычым больна чалавеку будзе і днём, і ноччу. У другім выпадку ногі могуць нават ампутаваць.

«НН»: У вашай практыцы былі такія людскія трагедыі?

СП: У маёй, на шчасце, не. Але мне прыходзіцца працаваць з яшчэ адным цяжкім ускладненнем варыкозу — тромбаэмбаліяй лёгачнай артэрыі.

З такім дыягназам чалавек можа сысці з жыцця літаральна за 5 хвілінак, нават калі знаходзіцца ў рэанімацыі, бо тромбы, часцей за ўсё, узнікаюць у глыбокіх венах, якія цяжка ўбачыць ці намацаць. А калі сыходзяць пацыенты — гэта вельмі цяжка ў маральным плане для любога хірурга.

«НН»: Лічыцца, што дадзеная хвароба «маладзее», і ад яе пакутуе ўсё большая колькасць сучасных людзей? Чаму?

СП: У цэлым, варыкозная хвароба перадаецца нам у спадчыну з пакалення ў пакаленне і, у нейкім сэнсе, з’яўляецца расплатай за тое, што мы ходзім прама: вертыкальнае перамяшчэнне ўплывае на адток крыві ад ніжніх канечнасцяў: сценкі вен адчуваюць пастаянны ціск слупа крыві, які ўздымаецца да сэрца. Дадаткова адток крыві парушаецца ў офісных супрацоўнікаў, а таксама спецыялістаў, якія працуюць на нагах — настаўнікаў, бармэнаў, цырульнікаў і гэтак далей.

Варыкоз таксама называюць хваробай цывілізацыі. Маларухомы лад жыцця, нерацыянальнае харчаванне, цесныя абутак і адзенне — за ўсё гэта эканамічна паспяховы краіны расплачваюцца сваім здароўем.

Гэтым у нейкай ступені тлумачыцца тое, чаму варыкоз куды менш распаўсюджаны у краінах Афрыкі і Азіі, а ў карэнных жыхароў Аўстраліі — увогуле рэдкасць.

У апошні час сярод прычын варыкозу асобна разглядаюць злоўжыванне гарманальнымі прэпаратамі.

На фоне выкарыстоўвання іх у якасці супрацьзачаткавых ці сродкаў карэкціроўкі цыклу, з’яўляецца вялікі працэнт пацыентак з трамбатычнымі паражэннямі.

80 працэнтаў усіх пацыентаў, якія прыходзяць да мяне на прыём, — гэта жанчыны: іх палавыя гармоны граюць сваю ролю, а дзеці не даюцца проста.

Падрыхтоўваючы арганізм да родаў, гармоны робяць злучальную тканку расцягнутай і гнуткай да павышэння ціску, не атрымліваецца выстаяць і сценкам вен. Калі гэта не першая цяжарнасць, то рызыка сустрэцца з паталогіяй павялічваецца ў разы. І добра, што большасць кабет не зацягвае з праблемай, а на ранніх стадыях прыходзіць на прыём. Увогуле, магу пахваліць маладое пакаленне. Сучасная моладзь куды больш актыўна, чым іх бацькі, цікавіцца сваім здароўем.

«НН»: А чаму мы пастаянна чуем толькі пра праблемы ног, вены ж ёсць і ў іншых частках цела?

СП: Сапраўды, гэта не толькі пра ногі, але і пра тазавыя вены, гэта пра гемарой. Мала таго, захворванне часцяком спалучаецца з плоскаступнёвасцю, грыжамі. У варыкозу ёсць узаемасувязь і з пралапсам мітральнага клапана, шматлікімі захворваннямі суставаў… Пра ногі кажуць часцей толькі таму, што на іх наступствы адразу бачныя і моцна адчуваюцца.

«НН»: Сярод асноўных прычын варыкозу вы называлі генетычныя, то бок, калі гэта перадаецца ад бацькоў дзецям. Калі малады чалавек ведае, што ён у групе рызыкі, ён можа выпрацаваць нейкі план, каб пазбегнуць хваробы?

СП: Канешне, можна старацца пазбягаць статычных нагрузак, можна спаць так, каб пяткі былі на ўзроўні патыліцы, практыкаваць расліннае харчаванне, бо рэмадаліраванне вянознай сценкі ідзе за кошт раслінных валокнаў, рабіць розныя «практыкаванні» («нажніцы», «ластаўкі»), займацца ёгай, гідрааэробікай, якая добра здымае вянозныя застоі…

Аднак калі ў абодвух бацькоў быў варыкоз — верагоднасць яго ўзнікнення ў дзяцей будзе складаць 90 %, калі ў каго-небудзь аднаго — 50 %. І ў выніку ўсё роўна прыйдзецца звяртацца да доктара.

Праўда, калі ваш лекар сцвярджае, што лёгка вылечыць вас ад варыкозу — ён ці вар'ят, ці шарлатан. Пакуль генная інжынерыя не дабярэцца да нашага коду, нам хваробу не перамагчы. Але яе можна падлечваць і трымаць пад кантролем. Для розных стадый хваробы — свае спосабы: прымяненне лекавай тэрапіі — спецыяльных прэпаратаў-венатонікаў, кампрэсійных медыцынскіх вырабаў (эластычных панчох, калготак), ці хірургічнае ўмяшанне.

«НН»: Як спецыяліст ацаніце, калі ласка, ногі беларусаў.

СП: Як спецыялісту мне асабліва балюча глядзець на дзяўчат, якія пастаянна ходзяць на занадта высокіх абцасах, а таксама у красоўках ці кедах на плоскай падэшве. Як вынік — паглядзіце, колькі ў Мінску стала касалапых дзяўчын! Гэтай праблемай, канешне, хай артапеды займаюцца, але, як я ўжо казаў раней, няякасны абутак — гэта таксама адзін з фактараў рызыкі для развіцця варыкознай хваробы.

«НН»: Нягледзячы на тое, што пра варыкоз сёння часта пішуць у СМІ, ці сутыкаецеся вы з нейкімі небяспечнымі міфамі пра хваробу?

СП: Да такой лухты адносіцца рэклама новых крэмаў і мазяў, якія нібыта дапамагаюць пры варыкозе і нават яго вылечваюць. Акрамя гэтага, у людзей існуе меркаванне, што рабіць аперацыю пры варыкозе бессэнсоўна, бо сапсаваныя вены зноў з’явяцца там жа, дзе і былі. Гэта частковая праўда: калі аперацыю робіць сапраўдны спецыяліст, то шанцы на рэцыдыў мінімальныя. Праўда, усяго адной аперацыяй стопрацэнтных вынікаў не дасягнуць ніколі: схільнасць да фарміравання новых варыкозных вен у чалавека захоўваецца на ўсё жыццё. Таму, каб жыць камфортна, яму трэба будзе назірацца ў доктара два разы на год, праходзіць лекавую тэрапію і гэтак далей.

Няправільна таксама лічыць, што хірург агульнага профілю здолее паспяхова прааперыраваць чалавека з варыкозам: такіх віртуозаў, майстроў на ўсе рукі, існуе мала. Вены — гэта вельмі вузкая галіна сасудзістай хірургіі. Тут шмат нюансаў, якія агульныя хірургі проста не могуць ведаць.

«НН»: І куды ж звяртацца за дапамогай, калі жывеш у правінцыі? Флеболагі-хірургі працуюць не ва ўсіх бальніцах.

СП: Лепш ехаць у сталіцу. Выдатная школа флеболагаў таксама ў Віцебску, добрыя спецыялісты працуюць у Брэсце. Нашы медыцынскія ўніверсітэты даўно займаліся гэтай тэмай, таму мы маем крутых прафесіяналаў: нездарма ў Беларусь прыязджае лячыцца досыць шмат замежнікаў з Расіі, Ізраіля, ЗША, Канады, Аўстраліі. Тым больш, у нас такія паслугі каштуюць разоў у 10 менш.

«НН»: Хірургія здолее калі-небудзь перамагчы варыкоз?

СП: Можа, нехта і не ведае, але методыку склератэрапіі (калі хвораму ў вену ўводзяць спецыяльны раствор), якую мы выкарыстоўваем для лячэння паталогіі сасудаў вен, прапанаваў яшчэ Гіпакрат. Проста цяпер гэта адбываецца на новым узроўні ды з іншымі прэпаратамі.

Не так даўно хірургі рабілі электракаагуляцыю вен, цяпер мы працуем з лазерам — і гэта вельмі малатраўматычны і высокаэфектыўны метад, дзесьці хутка з’явіцца плазменнае лячэнне…

Заглядаючы далёка, калі ў гэтай галіне і будуць новыя дасягненні, то, хутчэй за ўсё, толькі дзякуючы генетыкам ці фізікам.

Будзем стаяць бясконца: Я працую па 12 гадзін на нагах

12 ліпеня 2017 ў 19:09

Мноства прафесіяў не прадугледжваюць сядзячай працы і доўгіх перапынкаў. The Village знайшоў тых, хто шмат гадзін стаіць на нагах, і пацікавіўся, як яны даюць рады такой фізічнай нагрузцы і ці любяць яны сваю працу.

Я працую на пасадзе барыста, шэф-барыста і трэнера ўжо пяць гадоў. Вядома, я пачынала, як і ўсе, як просты барыста, потым былі падвышэнні, але ў цэлым я дагэтуль працую за стойкай, з гасцямі і на нагах. Графік у нас вольны, мы самі можам яго планаваць. Камусьці зручна працаваць 5/2, камусьці — дзень праз дзень. Я працую па буднях, а ў выходныя адпачываю. Працую ў чатыры вечаровыя змены і адну ранішнюю, бо люблю паспаць. Змена доўжыцца 8–10 гадзінаў.

Тое, колькі часу ў дзень я праводжу на нагах, залежыць ад кавярні і наплыву гасцей. Любы чалавек, які знаходзіцца за стойкай, стаіць толькі тады, калі ён чымсьці заняты. Калі ўвесь дзень ідзе злева і ужо тры гадзіны няма наведнікаў, — натуральна, стаяць і сумна глядзець у акно сэнсу няма. Калі ты ўжо перарабіў усе справы, вымыў абсталяванне і стойку, дык можна прысесці і адпачыць. Мы стараемся арганізаваць крэселка або зэдлік для ўсіх барыста, каб была магчымасць сесці ў час, калі зусім няма чым заняцца. А гэтак часам здараецца.

Калі ж ідзе звычайны працоўны дзень, справа нават не ў тым, што сесці няма дзе, а ў тым, што на гэта проста няма часу. Мы заўсёды занятыя. Альбо нам шанцуе з барыста, альбо ў нас глыбока захрасла ў свядомасці: калі ёсць чым заняцца, мы ніколі не сядзем адпачываць.

Да майго здзіўлення, стоячы працаваць лягчэй, чым седзячы. У мяне бываюць дні, калі даводзіцца рабіць шмат нудных офісных спраў — мне здаецца, што складаней праседзець тры гадзіны за камп'ютарам, чым прастаяць восем. Калі барыста выходзяць на свае першыя змены, ім нязвыкла — збольшага таму, што мы не рухаемся, а часцей стаім — каля стойкі ці кавамашыны. Але потым да гэтага прывыкаюць.

Зарука паспяховай змены — абутак. У мяне вельмі пераборлівыя ногі, і мне складана падабраць зручны абутак. Я заўсёды працую ў кедах, мне падыходзіць калодка і падэшва ў фірмы Vans. Узімку гэта таксама зручны абутак накшталт Ecco з артапедычнай падэшвай. Калі гэта не тое і не гэтае, я наўрад ці змагу прастаяць больш за восем гадзін і яшчэ даехаць дадому.

Каб займацца такой працай, трэба рабіць фізічныя практыкаванні. Спіна стамляецца, калі цягліцы не натрэніраваныя. І вельмі лёгка пачаць горбіцца. Мне давялося далучыць да свайго рацыёну зарадку, якая нагружае мышцы спіны, і трохі прысяданняў і выпадаў, якія нагружаюць ногі. Без гэтага цяжкавата.

Я ўжо прывыкла і часам зусім не адчуваю стомы, калі выходжу пасля змены, і гатовая тусіць. Калі змена доўжыцца даўжэй або калі давялося падмяніць кагосьці і выходзіць на 15 гадзін, дык, ясная рэч, ні пра што, акрамя таксі, падушкі і ложка, думаць немагчыма.

Я працую ў фларыстычнай майстэрні. Мы займаемся кветкамі, складаем кампазіцыі і букеты для нашых кліентаў. У кожнага фларыста — свае абавязкі і загружанасць. Я старшы фларыст, апроч іншага, на мне ляжаць самыя вялікія і адказныя замовы, а таксама навучанне стажораў. Загружанасць у майстэрні заўсёды розная, найбольшы розрух бывае напярэдадні святаў і ў вясельны сезон.

Ногі, калені і спіна ўвесь час баляць, асабліва пасля святочных марафонаў. Пасля 8 Сакавіка наогул ачуньваеш тыдні два

Мне трапіліся вельмі дэмакратычныя працадаўцы, якія стварылі для сваіх фларыстаў камфортныя ўмовы. У нас няма асаблівых абмежаванняў, мы адчуваем сябе цалкам вольна. За дзень можна сядзець столькі, колькі дазваляе тваё сумленне і колькасць заказаў. Афіцыйна працоўны дзень доўжыцца з 9 да 20 гадзін, але часам даводзіцца затрымлівацца — праз гэта складана палічыць дакладную колькасць часу, што я праводжу на нагах.

Паколькі ў мяне шмат абавязкаў, расседжвацца на канапе не заўжды выпадае. Таму за дзень вельмі стамляюся. І, натуральна, гэта моцна адбіваецца на здароўі. Ногі, калені і спіна ўвесь час баляць, асабліва пасля святочных марафонаў. Пасля 8 Сакавіка наогул ачуньваеш тыдні два.

Я імкнуся больш працаваць у красоўках, што, калі шчыра, не надта ратуе, бо ўвіхаешся дзень навылёт ля працоўнага стала. Імкнуся займацца расцяжкай і зарадкай і раз-пораз наведваю басейн. Нядаўна я хадзіла на масаж, і мне там сказалі, што нагам і паясніцы трэба надаваць больш увагі. Варыкозу ў мяне няма, але непакоюся за калені, таму што мінулым летам, калі каталася на ровары, яны балелі. Вядома, такое палохае.

Бармэнам я працую крыху больш за сем гадоў, апошнім часам я бар-менеджар, адказваю за ўсё. Але пару дзён на тыдзень я працую за стойкай, каб не губляць прафесійнага ўхопу.

Змена доўжыцца ад 8 да 12 гадзін. У нас ёсць перапынкі — раз на дзве гадзіны па пяць хвілін і адзін 15-хвілінны на дзень. Тады можна сядзець, астатні час — праца на нагах, але я не магу сказаць, што гэта жахліва. Так, бывае, што баліць спіна, але гэта не катастрофа. Думаю, горш прыходзіцца людзям, якія праводзяць увесь дзень, седзячы ў замкнёнай прасторы. Фізічная нагрузка ў тых жа таксоўшчыкаў значна вышэйшая, чым у мяне: я хоць і стаю ўвесь дзень на нагах, але знаходжуся ў руху.

Зручнасць стаячай працы залежыць, напрыклад, ад пакрыцця на падлозе. Як правіла, у бары мы працуем на гумовых дыванах, каб не разбіць бутэлькі. Хадзіць па іх трохі прасцей, чым па голай падлозе. Абутак таксама грае сваю ролю. Лепш увесь дзень прастаяць у зручных красоўках, чым прасядзець у нязручных офісных туфлях. Фізічную стомленасць ў канцы працоўнага дня я, можа, адчуваю, ды менш, чым маральную.

Фізічная нагрузка ў тых жа таксістаў значна вышэйшая, чым у мяне: я хоць і стаю ўвесь дзень на нагах, але знаходжуся ў руху

Многія прыходзяць працаваць у бары з офіса, устаючы з-за стала. Але, як правіла, гэта людзі да 25 гадоў, і адаптацыі да стаячай працы ім не патрабуецца. Вядома, ёсць індывідуальныя выпадкі — артрыты і артрозы — але збольшага праблемаў не паўстае. Сакрэт для ўсіх аднолькавы — агульная фізічная падрыхтоўка. У нашым выпадку лепш выбраць сталую нагрузку на сэрца — бег або камандныя віды спорту накшталт баскетбола.

Я ўсё жыццё працую на нагах. Мая змена доўжыцца 10 гадзін, бываюць невялікія перапынкі па 5–10 хвілін і адзін паўгадзінны. Калі людзі ўладкоўваюцца на працу, яны ведаюць, што іх чакае: праца кельнера не дазволіць расседжвацца.

Я жыву з пастаянным болем у спіне, якому дае рады толькі перыядычны масаж

Натуральна, на працы я выбіваюся з сілы. Мацней за ўсё гэта адчуваецца, калі я выходжу са змены, саджуся ў метро і разнявольваюся. З аднаго боку, на гэтую працу можна глядзець як на дармавы фітнес, а можна — як на шкоду здароўю. Я жыву з пастаянным болем у спіне, якому можа даць рады толькі перыядычны масаж. Пакуль я не карыстаюся сродкамі догляду, але бліжэйшым часам варта задумацца пра гэта больш сур'ёзна.

Я стылістка-цырульніца, у мяне ненармаваны працоўны дзень — часам я стаю па 3–4 гадзіны на дзень, а часам усе 10–12. Раз-пораз дазваляю сабе кароткія перапынкі — напрыклад, калі кліент сядзіць з фарбай на валасах. Я індывідуальная прадпрымальніца і нагрузку размяркоўваю сама, але нават нягледзячы на ​​гэта, праца значна адбіваецца на здароўі.

У канцы працоўнага дня ў мяне часам баляць костачкі на нагах і часта ломіць паясніцу. Праблема варыкозу абмінула — магчыма, дзякуючы таму, што я рэгулярна наведваю заняткі па пілатэсу. Акрамя таго, я перыядычна раблю масаж ступняў. Тут я магла бы пажартаваць, што яшчэ прымаю гашыш, а ногі самі пускаюцца ў скокі і шэпчуць, што ўсё нармальна, але не буду. Я проста прымаю два разы на тыдзень вельмі гарачыя ванны — ногі распарваюцца, і мне становіцца лягчэй.

Мая змена доўжыцца восем гадзін, амаль увесь гэты час я баўлю на нагах. На працягу змены на кухні мы наразаем прадукты, гатуем піцы ды іншыя стравы, прыбіраем сваё працоўнае месца, мыем посуд. На змену нам палагаецца абедзены перапынак, які доўжыцца 30 хвілін. Гэтага мне дастаткова, каб пераключыцца, паесці і агойтацца. Вядома, калі ты пачуваешся не надта, дык можна папярэдзіць менеджара і трохі перавесці дух.

У мяне скаліёз, але я яго не адчуваю. Наадварот, праца ў руху нават лепшая ад сядзячай

Спачатку ўсім страшна так працаваць. Першыя дні асабліва цяжка, але потым звыкаеш, унаджваешся. З захворваннямі спіны або ног, напэўна, сітуацыя больш складаная. У мяне скаліёз, але я яго не адчуваю. Наадварот, праца ў руху нават лепшая ад сядзячай.

У галаве — шмат задач, праца ёсць заўсёды, таму сядзець і адпачываць няма асаблівай патрэбы і жадання. Мне падабаецца, што я ўвесь час чымсьці занятая. Пасля змены можна пасядзець 15 хвілін, тады знойдуцца сілы зрабіць нешта яшчэ.

У вольны час я адсыпаюся. Спортам не займаюся, але люблю шпацыр. Хвароб у мяне няма, на працы хаджу ў звычайных красоўках. Проста пры такой працы вельмі важна правільна разлічваць сілы і адпачываць.

Я прапрацавала ў сетцы кулінарыі недзе год, звольнілася месяц таму. На сумоўі папярэджвалі аб фізічных нагрузках — я ведала, на што іду. Я спрабавала падрыхтаваць сябе маральна, фізічна — не, проста ляжала на канапе. Першыя некалькі дзён працы я не разумела, што адбываецца і што хочуць ад мяне ўсе гэтыя людзі. Тады вельмі хацелася паказаць спіну і сысці. Усё балела. Асабіста ў мяне ажно да слёз шчымелі ногі. Я працавала двое сутак цераз двое, таму праз нейкі час празвычаілся.

Працоўная змена доўжылася 13 гадзін, перапынак быў толькі адзін — на абед. Меркавалася, што ён павінен доўжыцца 20 хвілін — за гэты час трэба паспець схадзіць у прыбіральню, папаліць і паесці. Але нас ніхто не падганяў — як паабедаем, так паабедаем. Каб сысці ў прыбіральню спасярод змены, трэба было папярэджваць.

Усё балела. Асабіста ў мяне ажно да слёз шчымелі ногі. Я працавала двое сутак цераз двое, таму праз нейкі час празвычаілася

Пра тое, каб прысесці ў працоўны час, гаворкі не ішло. У любую вольную хвіліну мы павінны былі рабіць нешта патрэбнае. Акрамя абслугоўвання гасцей, ёсць шмат іншых дробязяў — дзесьці прыбрацца, наклеіць налепкі, прынесці талеркі. Калі ты не змог знайсці задання, табе яго абавязкова знойдуць іншыя. У рэшце рэшт, я проста звольнілася. Але не праз фізічныя нагрузкі — пад канец маёй працы там дзень пралятаў як пяць хвілін.

Ці законна гэта — увесь дзень працаваць на нагах?

Асобных палажэнняў для работнікаў, якія на працягу працоўнага дня працуюць на нагах, закон не пастанаўляе. Затое прадугледжвае час для адпачынку. Перапынак для адпачынку і харчавання павінен складаць не больш за дзве гадзіны і не менш за 30 хвілін на працягу працоўнага дня. Гэтае правіла ёсць агульным і ўжываецца да ўсіх катэгорыяў працаўнікоў. Час адпачынку рэгулюецца мясцовымі актамі працадаўцы, якія не павінны супярэчыць пазначанай вышэй норме. Таксама гэтае пытанне можа рэгулявацца пагадненнем з работнікам.

Закон наўпрост замацоўвае права працаўніка на адпачынак як базавае, рэалізацыю якога працадаўца абавязаны забяспечыць.Наданне якіх-небудзь абмежаванняў і забарон на адпачынак, якія супярэчаць устаноўленаму перыяду часу для адпачынку, з'яўляецца незаконным і парушае Працоўны Кодэкс Рэспублікі Беларусь. Калі працадаўца стварае ўмовы, якія парушаюць права на адпачынак, спярша працаўніку трэба паспрабаваць улагодзіць спрэчку шляхам перамоваў. Калі гэты спосаб не дзейнічае, варта звярнуцца ў працоўную інспекцыю з заявай аб парушэнні правоў. На падставе звароту прыедзе праверка, і ў выніку вынесуць прадпісанне аб ліквідацыі парушэнняў, якое абавязковае да выканання працадаўцам.

Ротару :В 70 лет выгляжу на 45 благодаря простой методике...
Почему все аптеки молчат? Грибок ногтя боится как огня дешевого...
Алкоголику вместо кодирования подсыпьте незаметно 3-4 капли обычной…
Соломія Вітвіцька: живіт втягнувся за добу, вийшло 22 кг жиру! Їла це ...
Заросли папиллом на шее и в подмышках - признак наличия у вас...